Из опыта работы Долбик Т.И.
развернутьНестандартныя формы
правядзення ўрокаў пазакласнага чытання
як спосаб актывізацыі чытацкай дзейнасці
Праблема далучэння дзяцей да чытання ў сучасным свеце стала насіць глабальны характар. Бурнае развіццё такіх выгод цывілізацыі, як радыё, тэлебачанне, камп’ютар, прывяло да істотнага зніжэння ў падрастаючага пакалення цікавасці да чытання. Хоць менавіта чытанне, асабліва мастацкай літаратуры, далучае дзіця да духоўнага досведу чалавецтва, развівае яго розум, акультурвае пачуцці. Чым глыбей і паўней успрыняты чытачом той ці іншы твор, тым большае ўздзеянне на яго асобу ён аказвае.
Сучасныя школьныя праграмы ў адпаведнасці з вядучым прынцыпам развіваючага навучання ставяць перад настаўнікамі вялікія адукацыйныя і выхаваўчыя задачы. Адно з асноўных патрабаванняў праграмы — не абмяжоўвацца выпрацоўкай у дзяцей пэўных навыкаў, уменняў, а развіваць творчае мыслене дзіцяці, яго здольнасці думаць, адчуваць, супастаўляць, — і такім чынам фарміраваць творчую асобу.
У сувязі з такой пастаноўкай праблемы навучання асаблівае значэнне набываюць пытанні пазакласнага чытання вучняў, таму што адукаванасць чалавека, яго развітасць непасрэдна залежаць ад умення самастойна набываць веды, пашыраць кола сваіх уяўленняў, ад сфарміраванай патрэбы пастаянна звяртацца да вялікіх скарбаў літаратуры з тым, каб самому знайсці адказы на пытанні.
Пазакласнае чытанне — гэта мэтанакіраванае самастойнае чытанне вучнямі мастацкай, навукова-пазнавальнай і іншай літаратуры. Яно з’яўляецца неабходным звяном вучэбнага працэсу, важным сродкам маральнага і эстэтычнага выхавання школьнікаў, фарміравання ў вучняў культуры самастойнага чытання.
Культура самастойнага чытання ўключае ў сябе: шырокае азнаямленне дзяцей з лепшай мастацкай, навукова-пазнавальнай і даведачнай літаратурай; прывіццё вучням неабходных ведаў, навыкаў і ўменняў арыентавацца ў вядомай кнізе; развіццё мастацкага густу кожнага чытача.
Галоўная мэта пазакласнага чытання ў школе — выхаванне культурнага чытача — чалавека, які пастаянна адчувае духоўную патрэбу ў кнізе і ўмее самастойна задаволіць сваю цікаўнасць: выбраць кнігу і разабрацца ў прачытаным.
Самастойнае чытанне пашырае кругагляд малодшых школьнікаў, развівае іх мову, садзейнічае глыбокаму, асэнсаванаму засваенню праграмнага матэрыялу. Яно з’яўляецца неабходным момантам у фарміраванні ўстойлівага інтарэсу да кнігі, выхаванні любві да чытання. Адной з задач чытання з’яўляюцца і пытанні выхавання. Гэта выхаванне ў дзяцей глыбокай павагі і любові да Радзімы, гонару за яе магутнасць і прыгажосць, выхаванне гуманізму, дабраты, сяброўства і г. д. Да задач урокаў пазакласнага чытання адносяцца таксама: фарміраванне ў дзяцей асноў дыялектыка-матэрыялістычнага светапогляду ў сувязі з чытаннем навукова-пазнавальных артыкулаў; выхаванне мастацкага густу вучняў, развіццё ў іх пачуцця прыгожага — умення заўважаць і бачыць прыгожае ў прыродзе, у мастацтве, у адносінах людзей, у справах чалавека. Таму лічу выбранную тэму вельмі актуальнай, бо вельмі важна ў пачатковай школе стварыць умовы для праяўлення пазнавальнай актыўнасці вучняў і дасягнення поспеху кожным дзіцем. Вучыцца прыемна, калі адчуваеш поспех. Гэтага можна дасягнуць, выкарыстоўваючы нестандартныя формы правядзення ўрокаў, разнастайныя займальныя метадычныя прыёмы. Менавіта ў пачатковай школе закладваюцца асновы цікавасці да чытання. Таму неабходна стварыць усе ўмовы для таго, каб кніга ўвайшла ў жыццё дзяцей як мага раней і стала штодзённым спадарожнікам маленькіх чытачоў.
Тыпы ўрокаў пазакласнага чытання
- Урокі ўводнага тыпу:
- праводзяцца, каб выклікаць у вучняў цікавасць да тых твораў, якія трэба прачытаць;
- прысвячаюцца пэўнай тэме, жанру або творчасці аднаго пісьменніка;
- можна праводзіць з дапамогай бібліятэкара, а некаторыя — у бібліятэцы, каб пазнаёміць з фондам, размяшчэннем, рознымі відамі каталогаў.
- Урокі навучальна-падрыхтоўчага тыпу:
- праводзяцца, каб фарміраваць першаснае чытацкае ўспры- манне твора вучнямі;
- скіроўваюць увагу вучняў на стылёвыя асаблівасці, творчую манеру пісьменніка, адметнасць жанру.
- Урокі паглыблена-аналітычнага тыпу:
- набліжаны да звычайных урокаў літаратурнага чытання;
- праводзяцца па папярэдне распрацаванай сістэме пытан- няў і заданняў, вылучанай праблеме, якую вучні павінны асэнсаваць, самастойна чытаючы твор.
- Урокі абагульняльнага тыпу:
- праводзяцца, каб выпрацаваць у вучняў уменне самастой- на сістэматызаваць і абагульняць матэрыял па пэўнай тэме ці праблеме, параўноўваць творчасць розных аўтараў, творы;
- прадугледжваюць уключэнне выступленняў вучнняў.
Нестандартныя ўрокі пазакласнага чытання
Асаблівае значэнне ў заахвочванні дзяцей да чытання маюць нестандартныя ўрокі, якія дазваляюць найбольш эфектыўна актывізаваць чытацкую дзейнасць, дапамагаюць вучням убачыць дэталі твора, абагульніць атрыманыя веды, замацаваць іх, праверыць сваю кемлівасць.
Нестандартны ўрок — гэта «імправізаваныя навучальныя заняткі, якія маюць нетрадыцыйную структуру. Гэта самастойны аўтарскі твор настаўніка, які спрабуе надаць сваім заняткам займальны характар. З аднаго боку, гэтыя ўрокі выпадаюць з агульнага, звыклага шэрагу, з другога — рэалізуюць праграмныя патрабаванні на больш высокім, якасным узроўні».
Нестандартныя ўрокі ў пачатковых класах займаюць значнае месца. Гэта звязана з узроставымі асаблівасцямі малодшых школьнікаў, гульнявой асновай дадзеных урокаў, арыгінальнасцю іх правядзення. Нестандартныя формы заўсёды з’яўляюцца выйгрышнымі і пры правядзенні адкрытых урокаў, бо ў іх прадстаўлены не толькі гульнявыя моманты, арыгінальная падача матэрыялу, але і занятасць навучэнцаў як пры падрыхтоўцы, так і пры правядзенні ўроку праз розныя формы калектыўнай і групавой працы.
Асноўныя прынцыпы правядзення нестандартных формаў урокаў:
- адмова ад шаблонаў у арганізацыі ўрока; максімальнае ўцягванне вучняў у актыўную дзейнасць; ужыванне розных формаў групавой працы;
- не забаўляльнасць, а займальнасць і захапленне як аснова эмацыянальнага фону ўрока;
- стварэнне ўмоў для зносін навучэнцаў як асновы ўнутранай
матывацыі да вучэння;
- паважлівае стаўленне да дзіцячых ведаў і няведання; ацэнка не толькі ведаў, але і імкнення да іх, кемлівасці.
Дадзеныя ўрокі патрабуюць папярэдняй падрыхтоўкі як з боку настаўніка, так і з боку навучэнцаў. Падрыхтоўка ўрока ў любой незвычайнай форме складаецца з задумы, вызначэння часавых рамак (урок ці серыя ўрокаў), вызначэння тэмы, тыпу, выбару нетрадыцыйнай формы ўрока з улікам спецыфікі класа і тэмы, узроставых асаблівасцей навучэнцаў, выбару формаў навучальнай працы і самой арганізацыі падрыхтоўкі.
Настаўнік піша сцэнарый урока з указаннем пэўных мэтаў, інструкцый па правядзенні кожнага этапа, спісу роляў удзельні- каў і рэквізіту, падбірае заданні, пытанні і практыкаванні. Навучэнцы прымаюць самы актыўны ўдзел: падзяляюцца на групы (каманды, экіпажы), рыхтуюць паведамленні на тэму ўрока, складаюць пытанні, крыжаванкі, віктарыны, вырабляюць неабходны дыдактычны матэрыял, элементы гарнітураў, дэкарацый і г. д.
Для таго каб на ўроку паўстала вольная, творчая атмасфера і ажыццявілася магчымасць выявіць здольнасці, заданні павінны быць незвычайнымі:
развіваць логіку, вобразнае мысленне, кемлівасць; адрознівацца ўзроўнем складанасці; мець практычную значнасць і міжпрадметны змест; быць займальнымі па форме, змесце, сюжэце ці спосабе рашэння;
мець нечаканы вынік.
Пры гэтым яны павінны спрыяць засваенню, удасканаленню навучальных уменняў і навыкаў, быць непасрэдна злучанымі з вывучаемай тэмай.
Выразнай класіфікацыі, структуры нестандартных урокаў пазакласнага чытання не існуе, бо гэта творчасць кожнага настаўніка, яго аўтарскі твор. Можна казаць толькі пра характэрныя асаблівасці асобных нестандартных форм правядзення ўрокаў пазакласнага чытання.
Урок-казка
Такі ўрок можа быць праведзены па сюжэце адной казачнай гісторыі ці некалькіх. Гэта могуць быць народныя казкі, казкі аднаго аўтара ці розных аўтараў на адну тэму. На ўроку-казцы можна здзейсніць падарожжа па казках, у якіх сустракаецца адзін і той жа герой, закладзена адна ідэя, выкарыстоўваюцца аднолькавыя чароўныя рэчы, прадметы. Урок-казка можа аказацца казачным менавіта па форме правядзення, а не па вывучаемых літаратурных творах, калі на ім выкарыстоўваюцца казачныя рэчы, дзецям дапамагаюць выканаць заданні казачныя героі, прамаўляюцца казачныя загаворы.
Урок-падарожжа
Падарожнічаць можна па старонках адной кнігі; старонках кніг аднаго аўтара; старонках біяграфіі пісьменніка ці паэта; па эпосе, у якой жылі аўтары літаратурных твораў; па краінах, у якіх жылі героі кніг ці пісьменнікі і г. д.
Ад іншых урокаў падарожжа адрозніваецца наяўнасцю карты, на якой адзначаюцца ўсе станцыі, прыпынкі, пункты, дзе давядзецца пабываць удзельнікам у адпаведнасці з абраным маршрутам. Вызначаецца транспарт для падарожжа — самалёт, аўтобус, веласіпед, машына, касмічны карабель, машына часу, дыван-самалёт і г. д. Вандраванне можа складацца з танцаў, музыкі, тэатралізацыі, уключаць элементы ролевай гульні. Дзеці могуць падарожнічаць усім класам, а могуць разбіцца на групы — экіпажы, каманды і інш.
Падарожжа — універсальная форма правядзення нестандартных урокаў з навучэнцамі любога ўзросту. Такі ўрок патрабуе вялікай папярэдняй падрыхтоўкі, лагічнай завершанасці, увязкі кожнага этапа з ідэяй урока.
Урок-тэатр (спектакль)
Назва дадзенай формы ўрока гаворыць сама за сябе. Для таго каб атрымаўся тэатр, неабходны акцёры і гледачы, тэатральныя афішы, дэкарацыі і касцюмы. Задоўга да правядзення ўрока павінен быць падрыхтаваны сцэнарый (па адным творы або калаж з урыўкаў розных твораў), размеркаваны ролі, да- дзены заданні афарміцелям, гледачам і касцюмерам, прадумана, чым запоўніць антракты.
На ўроку-спектаклі можна чаргаваць драматызацыю розных відаў: чытанне твора па ролях толькі з апорай на інтанацыю; чытанне па ролях з папярэднім апісаннем партрэтаў, адзення, пастаў, жэстаў, інтанацыі, мімікі герояў; пастаноўка «жывых» карцін да твора; складанне сцэнарыя спектакля з вусным апісаннем дэкарацый, мімікі персанажаў; разгорнутае драматычнае прадстаўленне з дэкарацыямі і касцюмамі.
Урок-крыжаванка
Асновай урока-крыжаванкі з’яўляецца разгадванне крыжа- ванкі па адным ці некалькіх літаратурных творах. Праца можа спалучацца з літаратурна-ролевай гульнёй, калі самі персанажы будуць задаваць пытанні крыжаванкі; падарожжам, у якім на кожным прыпынку навучэнцы будуць знаходзіць наступнае пытанне крыжаванкі; драматызацыяй фрагментаў твораў, назвы якіх зашыфраваны ў крыжаванцы і г. д.
Для навучэнцаў 3—4 класаў дадзеная форма ўрока можа прадугдеджваць не толькі разгадванне, але і складанне крыжаванак на вызначаную тэму калектыўна, у малых групах ці парах.
Урок-загадка (віктарына)
Адгадванне загадак — адзін з любімых заняткаў малодшых школьнікаў. У кожнай загадцы ёсць элемент нявызначанасці, які прыцягвае дзіця, прымушае яго фантазіраваць, выдумляць, развівае ўяўленне, кемлівасць.
Пры правядзенні ўрока дадзенай формы выкананне кожнага задання суправаджаецца адгадваннем ці складаннем загадкі. У пачатку заняткаў таксама можа прагучаць загадка, адказ на якую дзеці будуць шукаць на працягу ўрока.
Разгадванне віктарын можа стаць пачаткам групавога задання па розных кірунках: знаёмства з творчасцю пісьменніка, аналіз твора, адзнака паводзін асобнага персанажа, параўналь- ны аналіз герояў розных твораў і г. д.
Урок-партрэт
Вынікам правядзення ўрока дадзенай формы павінна стаць стварэнне «партрэта». Гэта можа быць спалучэнне мастацкага малюнка, славеснай характарыстыкі, музычнай выявы літаратурнага героя, пісьменніка ці паэта, асобнага літаратурнага жанру ці твора. «Партрэт» ствараецца шляхам выканання індывідуальных і групавых заданняў пошукавага, творчага характару на ўроку, а таксама праверкі падрыхтаваных на папярэднім этапе хатніх заданняў навучэнцаў.
Урок-конкурс
Асаблівасцю дадзенага ўрока з’яўляецца эстафетны характар заданняў, калі ад удзелу кожнага залежыць агульны вынік. Клас падзяляецца на каманды, распрацоўваецца сістэма ацэньвання конкурсных заданняў. Выбіраецца журы, у склад якога могуць быць запрошаны бацькі ці старэйшыя школьнікі.
Спаборніцтва можа праходзіць у форме адной са спартыўных гульняў — футбола, валейбола, калі клас падзяляецца на каманды, а кожны правільны адказ адзначаецца чарговым голам у вароты саперніка. Для правядзення такога «матча» неабходна падрыхтаваць адпаведныя дэкарацыі.
Урок-конкурс можа быць праведзены як конкурс інсцэніровак, вусных сачыненняў, прэзентацый на тэму ўрока і інш.
Урок-сустрэча
(прэс-канферэнцыя, інтэрв'ю)
Пагутарыць з любімым пісьменнікам ці літаратурным героем дзеці могуць з дапамогай імправізаванага тэлемаста, арганізаванага з выкарыстаннем камп’ютарных тэхналогій.
Аўтары і персанажы літаратурных твораў у выкананні навучэнцаў старэйшых класаў ці бацькоў могуць і самі прыйсці ў госці да малодшых школьнікаў на прэс-канферэнцыю ці інтэрв'ю, да якіх дзеці, як сапраўдныя журналісты, рыхтуюцца загадзя: збіраюць інфармацыю пра жыццё і дзейнасць пісьменніка ці паэта, перачытваюць творы, прыдумляюць пытанні.
Вынікам такога ўрока можа стаць выпуск газет, кніжак-малышак з міні-сачыненнямі навучэнцаў.
Урок-квз
(гульня «Што? Дзе? Калі?»)
Дадзеныя формы ўрока праводзяцца ў адпаведнасці са структурай сваіх тэлевізійных аналагаў. Калі гэта ўрок-КВЗ, то ў ім будуць удзельнічаць каманды, журы. Дзеці загадзя вырабляюць эмблемы, прыдумляюць назвы каманд, дэвізы, прывітанне, рыхтуюць конкурс «Хатняе заданне». Непасрэдна на ўроку праводзіцца размінка, конкурс капітанаў і г. д.
На ўроку-гульні «Што? Дзе? Калі?» «знаўцы» адказваюць на загадзя падрыхтаваныя пытанні «гледачоў». Неабходны і адпаведны інвентар, музычнае ці мультымедыйнае суправаджэнне.
Пры аналізе ўрока нетрадыцыйнай формы трэба ацэньваць як вынікі навучання, выхавання, развіцця навучэнцаў, так і карціну зносін — эмацыянальны тонус урока ў зносінах настаўніка з навучэнцамі, навучэнцаў адзін з адным, а таксама ў асобных групах. Аналіз можна праводзіць адразу пасля ўрока ці праз некаторы час, каб праверыць, што засталося ў памя
Структура ўрокаў пазакласнага чытання
У структуры традыцыйнага ўрока пазакласнага чытання выдзяляюцца наступныя фрагменты:
1. Работа з выставай прачытаных кніг (3—5 мінут)
Мэта — замацаваць у дзяцей уменне мэтанакіравана разглядаць незнаёмыя кнігі, працаваць са зместам. Можна правесці групоўку кніг па пэўных прыкметах. Абмеркаванне тэмы ўрока.
2. Усебаковы аналіз вылучаных кніг (20—25 мінут)
Гэта гутарка па змесце твораў, завочныя падарожжы, клуб вясёлых і знаходлівых, канферэнцыі, віктарыны, інсцэніроўкі, вусныя часопісы і інш.
3. Знаёмства з новымі творамі, жанрамі, тэмамі чытання і пісьменнікамі (15—20 мінут)
Знаёмства з новымі творамі пісьменніка, чые кнігі сёння разглядаліся. Знаёмства з новымі аўтарамі, якія пісалі на да- дзеную тэму. Знаёмства з новымі творамі, творамі іншых жанраў па выбранай тэме.
4. Дамашняе заданне (2—3 мінуты)
Паведамленне тэмы наступнага ўрока пазакласнага чытання, раз’ясненне мэты, прапановы па падрыхтоўцы да ўрока, пошуку кніг і інш.
Вывады
Далучэнне дзяцей да свету мастацкай літаратуры патрабуе асабістай зацікаўленасці настаўніка, цярплівасці, разнастайнасці метадаў і прыёмаў, педагагічнай мудрасці. Тонкасць, душэўная далікатнасць патрабуецца ад настаўніка, каб кніга стала надзейным, штодзённым спадарожнікам вучняў.
Мэта ўрокаў пазакласнага чытання — пашырэнне чытацкага кругагляду малодшых школьнікаў, фарміраванне ўменняў працаваць з кнігамі і свабодна арыентавацца ў свеце дзіцячых кніг беларускіх пісьменнікаў, дзіцячых перыядычных выданняў на беларускай мове, выхаванне патрэбы ў самастойным чытанні.
У працэсе работы з кнігаю вучні павінны пазнаёміцца:
з відамі літаратуры (мастацкая, навукова-мастацкая, навукова-пазнавальная, даведачная літаратура, дзіцячы перыядычны друк);
з відамі бібліятэчна-бібліяграфічнай дапамогі (кніжная выстава, плакат, рэкамендацыйны паказальнік, картатэка, каталог);
са знешнімі прыметамі кніг (загаловак, ілюстрацыя, прозвішча аўтара, змест, падзагаловак, прадмова, пасляслоўе, анатацыя, выдавецтва);
з правіламі гігіены чытання і беражлівых адносін да
кніг.
Працуючы з кнігай, вучні набываюць наступныя ўменні і навыкі:
выбіраць кнігу ў адпаведнасці з пастаўленай
настаўнікам мэтай;
чытаць самастойна дзіцячыя кнігі;
вызначаць прыкладны змест незнаёмай кнігі па інфармацыі, змешчанай на вокладцы, тытульным лісце, у прадмове, пасляслоўі, ілюстрацыях;
карыстацца відамі бібліятэчна-бібліяграфічнай дапамогі.